Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 06.06.12

«Звязда» № 106 от 06.06.2012

Амаль кожнаму, хто пераступіў парог новай пошты, тут хоць нешта ды трэба было…

Ад праекта да аб'екта, а потым ад узвядзення сцен да ўлазін — дыстанцыя вялікая.

Каму-каму, а жыхарам сталічнага мікрараёна Брылевічы распавядаць пра гэта не трэба: самі ведаюць, бо на ўласныя вочы бачылі, як з'явіліся тут першыя дамы і дарогі, першыя крамы і майстэрні… А далей — болей. Цяпер тут — горад у горадзе!.. І пошта — ці не адзінае, чаго яму бракавала.

…Над дзвярыма — нізка блакітных паветраных шарыкаў, збоку пад ёй — шыльда з раскладам працы, расчыненыя дзверы. Ну як тут не зайсці? Як, ужо зайшоўшы, не прыпыніцца: "А ці можна ж?". І як жа потым — пераканаўшыся, што так, — не скарыстацца момантам?..

Факт: амаль кожнаму, хто пераступаў парог новай пошты, хоць нешта ды трэба было — не купіць, дык за штось заплаціць, папытацца… І, безумоўна ж, парадавацца таму, што для гэтага нікуды цяпер ехаць не трэба.

— Мы вось з Мішам "невыязныя", — трымаючы на руках малога, гаварыла Тамара Цішкевіч, адна з першых кліентак. — Так што ўсе плацяжы даводзілася рабіць мужу, у горадзе. Праблема была… Цяпер — зусім іншая справа: частку сямейных клопатаў мы з сынам можам узяць на сябе. Усё роўна ж на вуліцу выходзім. Глядзіш — і пагуляем, і пошту наведаем.

Не трэба, мусіць, казаць, што ў ёй новыя ды прыгожыя не толькі сцены — новая і самая сучасная тэхніка, новая мэбля, новы калектыў. Адзінае — твар гаспадыні, — начальніцы аддзялення сувязі, падаўся знаёмым… Так і ёсць: Валянціну Міхайлаўну Вашкевіч "Звязда" не так даўно віншавала з днём народзінаў.

— Ну вельмі прыемна было! Расчулілася ледзь не да слёз! — прызналася жанчына. — І словы там такія прыгожыя, і верш, і фотакартка. І па-беларуску… І на ўсю краіну…

Больш за трыццаць гадоў Валянціна Міхайлаўна ўзначальвала калектывы паштовых аддзяленняў. І зараз, пры жаданні, ужо магла б сысці — на так званы заслужаны… Аднак менавіта яго, гэтага жадання, у яе і не было. Быў — проста цудоўны калектыў 28-га аддзялення сувязі (які, дарэчы, і напісаў пра кіраўніка ў газету), была вельмі цікавая праца. А потым яшчэ і заманлівая прапанова… пачаць з нуля — узначаліць новую пошту…

— Я чатыры гады жыву ў гэтым мікрараёне і цудоўна ведаю (па сабе, па суседзях), наколькі яна патрэбная. Жыхары мікрараёна вельмі чакалі яе і цяпер, безумоўна ж, будуць прыходзіць, будуць атрымліваць усе паслугі. Калектыў у нас малады, умовы для працы, лічу, самыя найлепшыя!..

— Усе сталічныя аддзяленні сувязі працуюць без абедзенных перапынкаў. Ды і працу нашых аператараў, паштальёнаў простай не назавеш, — зазначыла начальнік вытворчасці "Мінская пошта" Алена Уладзіміраўна Трубач. — Таму ўсюды, дзе ёсць такая магчымасць, мы абсталявалі так званыя пакоі для прыёму ежы — з чайнікамі, мікрахвалёўкамі, халадзільнікам. Трэба ж, каб людзі маглі падсілкавацца, адпачыць.

Само сабой — ёсць такі пакой і ў новым аддзяленні сувязі.

А ўсё дзеля чаго, дзеля каго? Дзеля кліентаў, якім з першага працоўнага дня прадастаўляецца самы поўны пералік паслуг. У рэжыме on-lіne яны (з дапамогай работнікаў пошты альбо і без — у памяшканні ўсталяваны плацежна-даведачны тэрмінал) могуць за наяўны альбо безнаяўны разлік пагашаць крэдыты банкаў, разлічвацца з аператарамі мабільнай сувязі, камунальнікамі… Могуць адпраўляць і атрымліваць любую карэспандэнцыю, электронныя грашовыя пераводы, афармляць падпіску…

Зрэшты, першым кліентам (а зранку на пошце былі пераважна мамы-бабулі з дзеткамі) куды цікавей было разглядаць і купляць маркі, паштоўкі, канверты. І, вядома ж, атрымліваць падарункі!

— Адкрыццё новага аддзялення сувязі — гэта падзея для нашага прадпрыемства, прычым вельмі чаканая, — зазначыла намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі РУП "Белпошта" Алена Анатольеўна Скрыпчык. — Вось і хочацца, каб яна запомнілася не толькі нам, але і тым, дзеля каго мы будзем працаваць. Таму самым першым кліентам (гэта ўжо традыцыя) мы ўручаем свае падарункі — наборы паштовак, ручкі, бірулькі для ключоў з лагатыпам "Белпошты", паветраныя шарыкі для дзяцей…

Варта зазначыць, што гэта досыць добра спрацоўвала на… рэкламу. Прынамсі, атрымаўшы падарункі, старэйшыя з дзяцей тут жа беглі ў двор, каб паклікаць сяброў, каб паведаміць бацькам: "У нас пошта адкрылася!".

…"Звязда", каб таксама прычыніцца да гэтага свята, паабяцала прыз свайму першаму (на новай пошце) падпісчыку. Што прыемна, ён аб'явіўся тут жа — у асобе ўжо знаёмай нам начальніцы аддзялення сувязі Валянціны Міхайлаўны Вашкевіч.

— У мяне лёгкая рука, — прызналася жанчына. — А значыць, родную газету на роднай мове нашы паштальёны будуць дастаўляць да чытачоў…

Што, падалося, цалкам лагічна: жывучы ў дамах па вуліцах Напалеона Орды, Яна Чачота, Ежы Гедройца, грэх не чытаць па-беларуску, грэх не выпісваць газету, якой 9 жніўня споўніцца 95!



Все новости | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати