Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 19.05.12

Газета «Звязда» Паштоўкі крочаць па свеце(№ 94 от 19 мая 2012 года)

Паштоўкі крочаць па свеце

Пасткросінг — гэта гармонія паштовай сувязі і інтэрнэту. Новае хобі становіцца вельмі папулярным у свеце і ў Беларусі.

І хто там песімістычна кажа, што традыцыйныя віды сувязі адміраюць? Яны проста інтэгруюцца ў новыя сродкі камунікацыі. Пасткросінг, альбо абмен паштоўкамі, — гэта модная і цікавая справа. Сэнс гэтага міжнароднага праекта ў тым, каб даслаць паштоўку і атрымаць іншую паштоўку ад незнаёмага чалавека.

Намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла "Белпошты" Галіна Марчанка паказвае стос паштовак. Гэта яе скарб: каля трох дзясяткаў атрыманых за няпоўныя паўгода паштовак з Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Нідэрландаў, Фінляндыі, Тайваня, Кітая, Сінгапура і шмат якіх іншых краін.

— Даведалася пра пасткросінг з сайта "Белпошты" і вырашыла паспрабаваць. Я ў захапленні!

Гэта сапраўдныя паштоўкі-вандроўніцы — недзе пакамечаныя, недзе запэцканыя, бо прыходзяць з усяго свету. Вось паштоўка з Сінгапура з невялікім коміксам пра суседзяў: адрасат піша, што ў іх краіне людзі жывуць у малых памяшканнях, таму асоба суседа мае вялікае значэнне ў жыцці простага сінгапурца. Паштоўка заклікае ўсіх людзей быць добрымі суседзямі!

Наступная паштоўка вылучаецца незлічонай колькасцю "а" з дзвюма кропкамі ўверсе, у якіх адразу пазнаецца фінская мова. На фота мужчыны са снежнага берага кідаюцца ў ледзяную палонку, вельмі па-фінску.

Паштоўка з Астрахані знаёміць з манастырскай царквой, якая — што незвычайна для праваслаўнай архітэктуры — звонку распісана яркімі фарбамі ў дадатак да асноўнага белага колеру. Такі сонечны выгляд будынка кантрастуе з шэрай снежнай кашай на дарозе.

Паштоўка з Іспаніі — у чорна-белым выкананні. Гэта танец "фламенка". Адрасат піша, што танцоры за невялікі час павінны прадэманстраваць многія пачуцці: страсць, гнеў, сум, боль.

Адна з самых любімых паштовак Марчанкі прыйшла з Тайваня. Неверагодны пейзаж! Месца, дзе сто гадоў таму японцы пабудавалі адзіную ў свеце высакагорную чыгунку. Туман (альбо аблокі) паміж пагоркаў, і лісты дрэва чырванеюць пад праменямі ўзыходзячага сонца.

Паштоўка з Арызоны радуе вока прыгожым зялёным кактусам на фоне пустыні. У паштоўцы з Санкт-Пецярбурга, на якой від горада з надпісам "Горад-герой Ленінград", скардзяцца на зімовыя мінус 20. "Я памятаю, што ў нас на той момант было 25 градусаў марозу", — усміхаецца Галіна Марчанка.

Для таго, каб займацца пасткросінгам, трэба мець камп'ютар і паштовую скрыню.

Спачатку — рэгістрацыя на www.роstсrоssіng.соm. Сайт працуе на англійскай мове: праўда, тут дастаткова мінімальных ведаў, школьнай базы. Адрас, на які трэба адправіць паштоўку, выдаецца сістэмай. Яна таксама сочыць за балансам паміж адпраўленымі і атрыманымі паштоўкамі, каб колькасці былі прыблізна роўнымі.

Невялікую суму грошай выдаткуйце на набыццё паштовак і марак. Марка, паводле цяперашніх тарыфаў "Белпошты", каштуе 1300 ці 1900 рублёў.

У пасткросінгу выкарыстоўваюцца класічныя паштоўкі: яны дасылаюцца без канверта, маюць малюнак на адным баку і тэкст, адрас і марку — на другім. Але здараюцца і выключэнні, кажа Галіна:

— Мне разам з паштоўкай з расійскага горада Кірава прыйшоў ліст, дзе 15-гадовы Ілья, ліцэіст і гаспадар ката і сабакі, расказаў, што яго гораду болей за 600 гадоў. Чытаю: "Ён вельмі прыгожы, асабліва ўзімку і ўлетку, але вясной і восенню часта ператвараецца ў вялікую гурбу гразі і смецця. Але я ўсё роўна люблю яго і не збіраюся з'язджаць адсюль надоўга".

Так што, нягледзячы на эру сацыяльных сетак і стасункаў з дапамогай смайлікаў, пасткросінг папулярны і ў падлеткаў. Калі шчыра, то сярод жанчын аматараў пасткросінгу ў некалькі разоў болей, чым сярод мужчын. Але, гаворыць Галіна, з цягам часу ўсё часцей сярод яе адрасатаў трапляюцца прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва.

- Таксама хачу абменьвацца паштоўкамі! - шчыра сказала я. І аказалася, усё даволі проста: пасля рэгістрацыі на сайце мае пяць паштовак пачалі сваю вандроўку па свеце: адправіліся ў Расію, ЗША, Канаду, Фінляндыю і Германію.

— Бываюць і збоі: напрыклад, мая паштоўка ў Латвію ідзе ўжо больш за 40 дзён, — папярэдзіла Галіна. — Ну не таму ж, што я напісала яе па-руску?!

Спачатку дазваляецца даслаць пяць картак, потым гэтая колькасць павялічваецца. Атрыманыя паштоўкі рэгіструюцца на сайце з дапамогай кода: для беларускіх паштовак ён пачынаецца з BY. Самае галоўнае — не забыцца яго пазначыць на паштоўцы. Акрамя адраса, можна напісаць некалькі слоў — пра сябе і месца жыхарства, пра свой дзень, пра выяву на паштоўцы. Некаторыя просяць, напрыклад, напісаць любімае выказванне вядомага чалавека, але найбольш пажаданняў датычацца выгляду паштовак.

Таму ў Галіны Марчанкі ёсць і іншы стос — гэта беларускія паштоўкі. Вельмі папулярныя архітэктурныя помнікі Беларусі, рамёствы, краявіды і гарадскія замалёўкі, флора і фаўна Беларусі, а таксама карціны з фонду Нацыянальнага мастацкага музея.

— Гэта новая серыя з карцінамі хоць і адрозніваецца нейкімі цёмнымі насычанымі фарбамі, тым не менш пакідае вельмі добрае ўражанне ў замежжы: яны неаднойчы выстаўляліся на сайце як любімыя, — каментуе Галіна.

Кожны ўдзельнік праекта піша свае пажаданні, якую паштоўку яму было б найбольш прыемна атрымаць: некаму патрэбны мульцяшныя героі для сына, іншаму — прыгажуня Мерылін Манро, а трэція цікавяцца картамі. Якраз апошняе пажаданне Галіне ўдалося задаволіць: яна сама зрабіла паштоўку з картай Магілёўскай губерні ХІХ стагоддзя. Як патрыёт сваёй справы, хоча атрымаць выявы… з паштовымі скрынямі, але пакуль яшчэ надзеі на гэта не спраўдзіліся.

- Я чакаю паштоўкі з нецярплівасцю, - прызнаецца Галіна. — Апошнія дзве паштоўкі літаральна днямі прыбылі з ЗША і Канады. Але дагэтуль два з паловай тыдні нічога не было, і я вельмі засмучалася: "Чаму мне ніхто не піша?" А калі дастала са скрыні паштоўкі, была такая шчаслівая. Калі ж першым іх дастае муж, ён часам прымушае мяне танцаваць!

Калі ў вашу паштовую скрыню ўжо даўно нічога не трапляла, акрамя рахункаў, рэкламы і газет, то самы час заняцца пасткросінгам. Гэта верне забытае дзіцячае пачуццё чакання вестак ад сяброў: трымаць у руцэ сапраўдную паштоўку з далёкага кутка свету вельмі прыемна.

— Пошта вельмі зацікаўлена ў развіцці пасткросінгу, — кажуць супрацоўнікі "Белпошты".

У Беларусі, паводле Вікіпедыі, сёння больш за 8 тысяч аматараў пасткросінгу. Сама Галіна далучыла да гэтай справы калегу — начальніка аддзела маркетынгу Магілёўскага філіяла "Белпошты" Вольгу Яроміну, і яна цяпер таксама аматарка сучаснага паштовага праекта.

— Гэта не проста забава, сродак стасункаў з людзьмі па ўсім свеце і пашырэння кругагляду, — гаворыць Галіна Марчанка. — Да таго ж, гэта прыгожа, цікава, стыльна і прыносіць шмат станоўчых эмоцый.

 Ілона Іванова.

Все новости | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати