Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 19.04.12

Газета «Звязда», спецприложение «Кантакт» «Менталітэт мяняць цяжка, а вось арганізацыю працы — і трэба, і можна» (№ 4 от 19 красавiка 2012 года)

Беларусь уражвае гасцей (прынамсі, з Расіі, Украіны…) многім: дагледжанымі землямі абапал добрых дарог, чысцінёю вуліц, гасціннасцю людзей, працай грамадскага транспарту, пошты. "Яшчэ дзевяці няма, а ўжо адчынена, — здзіўляліся сваякі. — І працуе…". А калі даведаліся, што мы наогул маглі сюды не прыходзіць, а выклікаць паштальёна, і ён з дому, сам, забраў бы нашы бандэролі, прадаў паштоўкі, аформіў падпіску і інш. (прычым без даплат за паслугі), то і наогул "выпалі ў асадак"…

Аднак наша размова з новапрызначаным, можна сказаць, (на пасадзе з верасня) намеснікам генеральнага дырэктара па эксплуатацыі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" Аленай Скрыпчык не толькі пра поспехі.

— Як на мой погляд, дык тое, што ўразіла вашых гасцей, справа звыклая, — лічыць Алена Анатольеўна. — Пошта заўсёды паважала сваіх кліентаў, імкнулася дапамагаць ім у вырашэнні ўсіх надзённых праблем, ішла насустрач. У вёсцы ж паштальён і наогул як свой… Дык чаму б не быць ім і ў горадзе? Тут жа таксама шмат людзей пажылых, інвалідаў, шмат вельмі занятых і тых, каму перад святамі, напрыклад, трэба паслаць некалькі пасылак. А нашы паштальёны могуць дапамагчы…

— Прычым — вельмі істотна, бо ў гарадскіх аддзяленнях сувязі часам трэба пастаяць і ў чарзе?

— Не без таго… Агульнавядома, напрыклад, наколькі нераўнамерная нагрузка ў нашых крамах: пасля 17-18 гадзін чэргі амаль у кожнай. У аддзяленнях сувязі патокі людзей розняцца не толькі на працягу дня (ці не ўсе пенсіянеры лічаць патрэбным атрымаць свае пенсіі менавіта зранку), але і месяца. Ну згадзіцеся: так званыя жыроўкі мы атрымліваем пасля 10 чысла кожнага месяца. Там напісана, колькі мы павінны заплаціць за камунальныя паслугі. Але ж рабіць гэта ніхто не спяшаецца ні да 15-га, ні да 20-га. А вось з 23-га па 25-га ўжо наплыў, ужо чэргі… Ведаю выпадкі, калі людзі пяць разоў на тыдзень прыходзяць у свае аддзяленні сувязі, каб з абаненцкай скрынкі забраць выданні, якія выпісваюць. Аднак падпіску на наступны квартал яны афармляюць менавіта ў апошні дзень і таму, здараецца, адстаяўшы ў чарзе.

- Вы лічыце, што добра было б памяняць менталітэт?

— Магчыма, але ж ці гэта пад сілу, асабліва — у бліжэйшы час. А вось удасканальваць арганізацыю працы і трэба, і можна. Пошта ў апошнія гады вельмі дынамічна развіваецца. Ва ўсіх аддзяленнях сувязі (а большасць з іх — амаль 3000 — сельскія) стаяць камп'ютары, усе працэсы аўтаматызаваны, усталявана каля 900 плацежна-даведачных тэрміналаў. І з іх дапамогай штодзень больш за 640 тысяч нашых кліентаў без удзелу аператара праводзяць любыя плацяжы па прынцыпе адзінага асабовага рахунка ў рэжыме on-lіne. Да таго ж аплачваць камунальныя паслугі, афармляць падпіску, замаўляць электронныя маркі і тавары па каталогах айчынных вытворцаў можна праз наш інтэрнэт-сайт; купляць маркі, паштоўкі і канверты ў інтэрнэт-краме… Гэта ж змяншае чэргі?!

Яшчэ адзін крок: раней і юрыдычныя, і фізічныя асобы ў аддзяленнях сувязі абслугоўваліся, што называецца, у адным акне. Але ж відавочна, што на прыём і апрацоўку адпраўленняў з нейкай арганізацыі нават высокакваліфікаванаму аператару патрэбна хвілін 20 (а то і болей), а на абслугоўванне чалавека, які прыйшоў атрымаць пенсію альбо заплаціць за кватэру, дастаткова і 2-х… Няцяжка ўявіць, як ён сябе адчувае, чакаючы чаргі… Таму ва ўсіх больш-менш буйных аддзяленнях сувязі, дзе ёсць такая магчымасць, для абслугоўвання юрыдычных асоб вылучаны асобныя акенцы.

Аднак гэта — ужо наступныя крокі. Самымі першымі былі дагаворы на абслугоўванне, якія наша прадпрыемства заключыла з аператарамі мабільнай сувязі — з Velcom і МТС. У іх і тады, і цяпер — вельмі вялікія аб'ёмы рассылкі. Таму для абслугоўвання такіх вось карпаратыўных кліентаў мы вылучылі спецыяльны ўчастак. Цяпер жа — па ўсёй краіне, не толькі ў Мінску — створаны адмысловыя цэнтры "Бізнэс-пошты". Юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам яны аказваюць досыць шырокі пералік паслуг: прымаюць (як на сваіх пляцоўках, так і з выездам да кліента) паштовыя адпраўленні (каб потым апрацаваць і даслаць па прызначэнні), грашовыя пераводы, прадаюць маркі, канверты, паштоўкі, бланкі строгай справаздачнасці, прымаюць падпіску і многае іншае.

- На гэтыя паслугі, трэба разумець, ёсць попыт?

— Так. У людзей цяпер з'явілася цудоўная магчымасць замаўляць тавар у інтэрнэце. Ну, напрыклад, вельмі папулярная, асабліва з прадвесня, "Садовая калекцыя". Дастаўку насення па адрасах заказчыкаў здзяйсняе пошта, бо менавіта ў нас ёсць магчымасць, як той казаў, у поўнай цэласці і захаванасці, па прымальных коштах давезці, данесці замоўлены тавар да самага далёкага хутара.

Працуем мы і з "Кніжным клубам". Гэта значыць, што ў інтэрнэце, у каталогах можна знайсці інфармацыю пра ўсе новыя выданні. Калі нейкія з іх захацелася набыць, праз пошту можна аформіць заказ. А далей усё проста: ёсць заяўка — ёсць паштовае адпраўленне. Да будучага чытача наклад-ным плацяжом прыходзяць кніжкі.

Шырока рэкламавалася і "Крама на канапе". Усё замоўленае таксама дастаўляе пошта. Гэта — з ліку нашых буйных кліентаў, але ж шмат і проста індывідуальных прадпрымальнікаў: яны таксама бачаць выгаду, шмат чаго рассылаюць. І зусім не здзіўляе, што з дапамогай пошты, бо яна працуе пад дэвізам "Хутка, надзейна, даступна", а гэта гаворыць само за сябе. Да таго ж, паўтаруся, у краіне 3688 аддзяленняў сувязі.

- Іх колькасць, трэба разумець, пастаянна мяняецца. У новых мікрараёнах пошты адкрываюцца, у сельскай мясцовасці, на вялікі жаль, часам закрываюцца. Але тут што цікава: раней ужо першая чутка пра тое падымала хвалю абурэння. Гэта значыць, ва ўсе інстанцыі ляцелі скаргі. У апошні час (прынамсі, у рэдакцыю "Звязды") яны чамусьці не паступалі.

— Я, здаецца, магу патлумачыць прычыну. Існуюць зацверджаныя нарматывы. У прыватнасці, на сельскае аддзяленне сувязі павінна прыпадаць 2000 чалавек. Але ж цяпер (і гэта не сакрэт) насельніцтва вёсак істотна змяншаецца. Таму ўтрымліваць стацыянарнае аддзяленне сувязі, у якое амаль ніхто ні па што не звяртаецца, эканамічна немэтазгодна. Вось і даводзіцца рабіць на так званыя непапулярныя захады…

Але ж у кожным такім выпадку папярэдне мы даводзім людзям, што не трэба баяцца закрыцця пошты, бо ўвесь спектр паслуг, якія ім аказваліся, па-ранейшаму застанецца. Адзінае, што зменіцца, — форма. Напрыклад, замест стацыянарнага аддзялення сувязі, якое трэба ахоўваць, абаграваць, рамантаваць і г.д., з'явіцца так званае перасоўнае. Гэта ўсё тая ж пошта, толькі размешчана яна ў аўтамабілі, абсталяваным спецыяльнай касавай сістэмай, што вельмі зручна, бо даязджае яна да самых далёкіх вёсак і хутароў, давозіць, скажам так, увесь спектр як профільных, так і няпрофільных паслуг. А што датычыць нейкіх тавараў, дык яшчэ і больш, бо гэта ж не паштальён з сумкай…

У краіне ўжо 114 вось такіх аддзяленняў. Яны добра сябе зарэкамендавалі. Да таго ж дзейнічае і мотадастаўка. Гэта значыць, што пошта, пенсіі, усе замоўленыя тавары ў населеныя пункты дастаўляюцца пры дапамозе аўтатранспарту. Для прадпрыемства пры коштах на бензін, якія пастаянна павышаюцца, задавальненне гэта не таннае, але ж і насамрэч задавальненне, бо паштальёну, каб абысці свой участак, трэба адолець дзе 5, а недзе і 15 ці нават больш кіламетраў. Гэта вельмі нялёгка. А тым больш у дрэннае надвор'е, з цяжкай сумкай…

- Алена Анатольеўна, відаць, пераважна для вяскоўцаў быў арганізаваны гандаль па каталогах айчынных вытворцаў? Наколькі прыжыўся?

— Мяркуйце самі. Не так даўно мы выдалі чарговы, ужо шосты па ліку каталог. У ім значна пашырыўся асартымент тавараў, кола прадпрыемстваў. Цэны яны стараюцца не мяняць, а калі такое здараецца, аператыўна паведамляюць нам, мы даводзім гэтую інфармацыю да аддзяленняў сувязі. Сёння ў кожным з іх ёсць папяровыя каталогі, пазнаёміцца з таварамі, нешта выбраць з таго, чаго, магчыма, ніколі не прывозілі і не прывязуць у вясковую краму, можна на нашым сайце www.belpost.by. У бліжэйшых жа планах прадпрыемства — зрабіць інтэрнэт-пляцоўку, каб любы карыстальнік мог зайсці туды і не толькі выбраць патрэбнае, але яшчэ і замовіць тое, што спадабалася. А значыць, нікуды не выязджаючы, нават не выходзячы з дому, нешта набыць. Гэта выгадна, гэта зручна, гэта варта паспрабаваць! Той, хто паспрабаваў, цяпер карыстаецца.

Зноў жа на сайце — www.belpost.by — можна знайсці ўсю інфармацыю пра нашы іншыя, як профільныя, так і няпрофільныя паслугі. Усяго іх больш за 60. У тым ліку банкаўскія, дылерскія, рассылка прамой паштовай рэкламы, ксеракапіраванне, ламініраванне і пераплёт, перавозка грузаў і негабарытных паштовых адпраўленняў…

- Але ж, як той казаў, не хлебам адзіным… У год кнігі менавіта "Белпошта" вырашыла пацікавіцца, як мы ведаем беларускую літаратуру. Чытачы "Звязды", зразумела ж, ухвалілі гэтую ініцыятыву, пазнаёміліся з пытаннямі… Ці шмат паступае адказаў?

— Лічыць іх, думаю, пакуль рана (наш чалавек любіць усё адкладваць на апошні дзень)… А конкурс, як паведамлялася, праходзіць з 1 красавіка па 30 лістапада. Адзін раз на два месяцы будуць падводзіцца вынікі. Вось пра іх ужо — прамежкавыя альбо канчатковыя — і можна будзе весці размову.

- Яна, без сумневу, будзе цікавай для чытачоў старэйшай беларускай газеты. Пакуль жа (і з прычыны той самай цікавасці) у вас, як чалавека параўнальна новага на гэтай высокай пасадзе, хочацца папрасіць расказаць пра сябе.

— Нічога асаблівага ў маёй біяграфіі, відаць, няма… Нарадзілася ў Мінску, працоўную дзейнасць пачынала ў сталічным 90-м аддзяленні паштовай сувязі з "пасады" аператара. Потым падрасла да начальніка… Працавала ў Мінскім філіяле (так што не па расказах ведаю работу вясковых паштавікоў), у вытворчасці "Мінская пошта". Адукацыя? Спачатку — каледж сувязі, потым — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце і тэхналагічны ўніверсітэт.

- Гэта не можа не ўражваць! І не абнадзейваць… Поспехаў!

Валянціна Доўнар.

Все новости | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати