Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 13.03.12

Газета «Звязда» Ірына Шыпілава, начальнік выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта»: «Філатэлія — гэта неабдымны свет, які ўключае ў сябе мінулае, сучаснасць і будучыню» (№№ 3 (19) за 13 сакавіка 2012 года)

Дата: 20 сакавіка 1992 года ў незалежнай ужо Беларусі была ўведзена ў абарачэнне першая паштовая марка. З таго дня прайшло без малога 20 гадоў. І з'явілася — выйшла ў свет (у самым шырокім сэнсе гэтага слова!) больш за 900 марак… Для некага — проста знакаў паштовай аплаты, для некага — маленькіх твораў мастацтва, якія трэба збіраць у калекцыі, берагчы, вывозіць на выставы і перадаваць у спадчыну… Для калектыву выдавецкага цэнтра "Белпошты", які так і называецца — "Марка" — праца… Штодзённая, карпатлівая, творчая… Пра вынікі якой можна не толькі расказваць…

Разам значальнікам цэнтра Ірынай Шыпілавайразгортваем шыкоўны альбом:

— Вось яна, — паказвае Ірына Валер'еўна, — першая айчынная марка: з крыжам Еўфрасінні Полацкай, адной з самых пазнавальных айчынных святынь. Некалі мы вельмі ганарыліся гэтай працай… Цяпер, ну згадзіцеся, яна выглядае сціпла. І гэта добра, што летась у нас з'явілася магчымасць звярнуцца да яе яшчэ раз: выпускалі ў абарачэнне паштовы блок да 850-годдзя стварэння крыжа. У выніку атрымаліся дзве працы, якія, на мой погляд, гавораць самі за сябе і, у прыватнасці, вельмі наглядна паказваюць, наколькі змяніліся нашы магчымасці, наша майстэрства. Цяпер мы можам дазволіць сабе паслядрукарскую апрацоўку: фольгу, цісненне, рамачную перфарацыю: тое, чаго раней і заваду не было. Да таго ж з'явіўся досвед, пэўныя напрацоўкі, да справы далучыліся новыя мастакі, фатографы.

Трэба сказаць, што паштовая мініяцюра — твор вельмі своеасаблівы: малюнак пры памяншэнні можа ператварыцца ў цёмную пляму, а можа чытацца ў дэталях. Таму мы ўжо шмат гадоў супрацоўнічаем з сапраўднымі прафесіяналамі ў галіне паштовай мініяцюры мастакамі Анатолем Рыбчынскім, Мікалаем Рыжым, Аляксандрам Міцяніным (маркі серыі "Фаўна і флора Беларусі" — гэта яго праца).

У апошнія гады плённа супрацоўнічаем і з маладымі мастакамі Тамарай Стасевіч, Ганнай Раманоўскай, Арцёмам Рыбчынскім, Ганнай Старавойтавай. Але не спыняемся — звяртаемся ў мастацкую акадэмію, шукаем новыя таленты.

- Гэтаму спрыяюць, відаць, і Нацыянальныя філатэлістычныя выставы?

— Магчыма. Яны ладзяцца пастаянна. На апошняй, сёмай па ліку, якая прайшла летась у залах палаца Румянцавых-Паскевічаў, былі прадстаўлены 63 калекцыі: не толькі з Беларусі — з Расіі, Украіны, Германіі, Азербайджана, Літвы. Нам вельмі хацелася б адрадзіць захапленне філатэліяй сярод дзяцей. Таму сёлета з 20 па 25 сакавіка ў Гродне плануем правесці Рэспубліканскую юнацкую выставу. Зноў жа будзем прымаць замежнікаў. І выязджаць самі.

Кожны год дэлегацыя "Белпошты" бярэ ўдзел у міжнародных філатэлістычных выставах: вывозім, калі можна так сказаць, самую шырокую інфармацыю пра Беларусь, прадаём, кантактуем з калегамі. І тут першае, што хацелася б адзначыць — усе наведнікі з нашага стэнда сыходзяць толькі з пазітыўным настроем, з пакупкамі! Гэта, згадзіцеся, вельмі прыемна.

- Ці шчасціць на афіцыйнае прызнанне, на ўзнагароды?

— Не без таго! У 2007 годзе на міжнародным конкурсе ў топ-дзясятку лепшых марак свету трапіў наш паштовы блок, прысвечаны Напалеону Ордзе. У пераможцах была серыя марак "Беларусачка". Дыпломам першай ступені ў Маскве адзначаны высокі паліграфічны ўзровень выдання кнігі "Паштовыя маркі Беларусі 2006". І гэткай жа ўзнагароды РУП "Белпошта" ўдастоена сёлета па выніках Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" за кнігі марак 2008 і 2009 гадоў.

Марым пра перамогу і зараз, бо бяром удзел у конкурсе на лепшую марку Еўропы. Тэма яе (візіт) — была зададзена Асацыяцыяй паштовых аператараў (РоstЕurор). І найбольш поўна раскрыла яе мастачка Ганна Раманоўская. Сюжэт прысвечаны папулярнаму ў краі агратурызму, які прываблівае гасцей не толькі сельскімі пейзажамі, побытам, экалагічна чыстымі прадуктамі, але і нашай культурна-гістарычнай спадчынай.

- Гэтую вашу працу будуць ацэньваць сапраўдныя прафесіяналы. А вось выбраць лепшую марку мінулага года вы запрашаеце ўсіх ахвотных. Меркаванні, як аб'яўлена, прымаюцца з 25 лютага па 25 сакавіка. Ці шмат іх паступіла і паступае?

— Грэх скардзіцца. У першыя ж некалькі дзён пасля абвяшчэння конкурсу на сайт прадпрыемства прыйшло каля трохсот анкет. Потым іх стала даносіць яшчэ і пошта…

У краіне больш за 3600 аддзяленняў сувязі. І ў любым з іх наш кліент пры жаданні можа ўбачыць маляўнічы плакат з выявай усіх марак, выпушчаных у мінулым годзе, выбраць найлепшую, запоўніць прапанаваную анкету і даслаць на адрас: вул. Вакзальная, 22, п.709, 220060, Мінск. Марка, якая набярэ найбольш галасоў, будзе прызнана лепшай. А потым сярод усіх удзельнікаў, якія правільна запоўнілі анкеты і назвалі пераможцу, будуць разыграны і, вядома ж, уручаны адмысловыя прызы.

Трэба, аднак, зазначыць, што такім чынам да нас прыходзяць не толькі станоўчыя водгукі — людзі выказваюць крытычныя заўвагі, прапановы. Асобныя з іх улічаны: напрыклад, маркі, прысвечаныя коннаму спорту, рыбам Беларусі з'явіліся менавіта па падказцы ўдзельнікаў конкурсу. Што да іншых тэм для выдання маркіраванай прадукцыі, то іх — па нашай жа просьбе — загадзя падказваюць архівы, музеі, Акадэмія навук, Міністэрства культуры… На аснове прапаноў рыхтуем праект плана, разглядаем яго на выніковым пасяджэнні мастацкага савета пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

Ёсць, безумоўна ж, і пазапланавыя работы. Хто мог прадбачыць, напрыклад, бліскучую перамогу нашай Вікторыі Азаранкі?! Над маркай, прысвечанай ёй, працуем з тэніснай федэрацыяй.

А наогул маркіраваная і немаркіраваная прадукцыя прысвячаецца нашай гісторыі, помнікам архітэктуры, выдатным асобам, нацыянальнаму адзенню, спорту, фаўне, флоры, рамёствам, значным падзеям… Безумоўна ж, юбілеям Перамогі, вызвалення, героям Вялікай Айчыннай вайны.

Годна, як падаецца, мы адзначылі і 600-годдзе Белавежскай пушчы. У рамках падрыхтоўкі да яго разглядаліся 4 разнапланавыя праекты. З'явіўся ж — вельмі яркі, дынамічны блок, з дапамогай якога мастакі Аксана Сузько і Іван Лукін здолелі паказаць не толькі зуброў — самых галоўных насельнікаў пушчы, але і іншых жывёл, птушак, прычым — у розныя поры года…

Супрацоўнічаем мы і з міжнароднымі арганізацыямі. Пад эгідай Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) выпускалі маркі, прысвечаныя занесеным у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь еўрапейскім бабру і рысі, чорнаму буслу. У 2010 годзе выйшлі ў абарачэнне маркі з выявай страказы рагаты дзедка.

А вось серыя паштовых марак "Птушка года" ўжо стала традыцыйнай і выпускаецца ў супрацоўніцтве з беларускай грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і міжнароднай арганізацыяй таго ж кірунку.

- Ірына Валер'еўна, асобная тэма — супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем?

— Сапраўды. У выніку яго з'явілася серыя марак "Мастакі Беларусі". А значыць, яшчэ і такім чынам мы нагадалі свету пра нашых славутых Масленікава, Бялыніцкага-Бірулю, Хруцкага… Што цікава, пры "пераносе" іх палотнаў на паштовую мініяцюру нічога не губляецца.

А наогул філатэлія — гэта цэлы неабдымны свет, які ўключае ў сябе мінулае, сучаснасць і будучыню. Мы аб'ядноўваем і раскрываем вельмі важныя тэмы на вельмі маленькім фармаце.

- Варта сказаць і пра трохі большы: "Белпошта" выпускае канверты, паштоўкі, паштовыя наборы для пісьма і наборы паштовак… Тут што здзіўляе: можна пяць гадоў праходзіць каля нейкага будынка і ацаніць яго прыгажосць толькі ўбачыўшы выяву вачамі мастака, фатографа — на нейкай друкаванай прадукцыі.

— Мы даўно і вельмі плённа працуем з фотамастакамі Анатолем Клешчуком…

- Дзякуй. Гэта наш фотакарэспандэнт.

— … і з Сяргеем Плыткевічам. Ёсць і наш, штатны мастак-дызайнер Алена Мядзведзь. Яна неяк на гадзінку пайшла на выставу "Беларуская лялька" — адпрацавала там цэлы дзень. У выніку з'явіліся паштоўкі для посткросінгу — з лялькамі, ручнікамі, плеценымі кашамі.

- Посткросінг — з'ява параўнальна новая?

— Але ж, калі справа цікавая, то пры сённяшняй камп'ютарызацыі "раскручваецца" ў момант. Так сталася і з гэтым анлайн-праектам, мэта якога — абмен карткамі (паштоўкамі) і маркамі, незалежна ад месца пражывання людзей, полу, узросту, расы, рэлігіі. Адрасы гэтых людзей можна знайсці праз сайт www.роstсrоssіng.соm, які аб'ядноўвае некалькі дзясяткаў тысяч чалавек з усіх куткоў планеты.

У гэтым руху ўдзельнічаюць больш як 200 краін. Беларусь па колькасці зарэгістраваных карыстальнікаў і колькасці адпраўленняў уваходзіць у дзясятку лідараў. Вось для іх і проста аматараў відавых паштовак і картак, для турыстаў наша прадпрыемства прапаноўвае наборы з выявамі Мінска, Брэсцкай крэпасці, Полацка, Магілёва, Гомеля, Заслаўя, Міра, Нясвіжа, Веткі, Будслава, Сынкавіч, Крэва, Раўбіч, Косава, Маларыты, Пружан, Ружан, Турава, Лёзна… Летась для посткросінгу былі выраблены спецыяльныя паштовыя карткі "Рамёствы", "Прырода", "Беларускае народнае адзенне", серыі картак "Беларусь", "Фаўна Беларусі"… Мне здаецца, нават гэтага далёка няпоўнага пераліку дастаткова для таго, каб зразумець, колькі ж у нас прыгажосці!..

- Ірына Валер'еўна, вы нарадзіліся вельмі далёка ад Мінска, але так шчыра прамаўляеце словы "ў нас", "наша"…

— Я прыехала ў Беларусь у 19 гадоў — за вайскоўцам мужам. І з той пары ні разу не адчула сябе чужой. Тут цудоўныя людзі, багатая спадчына, прыгожая зямля. Дзеля іх хочацца жыць і працаваць — часам, калі трэба, нават пасля працы і ў свае ж выхадныя… Прычым — не толькі мне: у нашым цэнтры працуе 37 чалавек. Ёсць людзі старэйшага ўзросту, ёсць моладзь. Яднае ж — апантанасць, захопленасць справай. Наша Галіна Шарлай, напрыклад, паводле штатнага раскладу — перакладчыца. Працуе з філатэлістамі ўсяго свету. У яе рэестры рассылкі 570 чалавек! Ідзе штодзённая перапіска на англійскай і нямецкай мовах, выстаўленне рахункаў, узгадненне, атрыманне прадукцыі, адпраўка яе…

Вельмі вопытны спецыяліст Анатоль Аляксандравіч Сянько. Ён цяпер узначальвае краму "Філатэлія" (Мінск, вул. Маскоўская 16). Там у нас увесь асартымент нашай прадукцыі, там маркі з усяго свету і тавары, якія ім спадарожнічаюць — лупы, альбомы… Там да кожнага пакупніка індывідуальны падыход, там свая аўра…

- Ірына Валер'еўна, дваццацігоддзе з дня выхаду першай маркі — гэта дата. Да яе плануецца выпуск адмысловага канверта?

— Так. З яго дапамогай мы паспрабавалі паказаць хоць невялічкую крыху таго, што зроблена, і вельмі хацелі б, каб людзі заўважалі гэта — адсылаючы пісьмы, купляючы маркі, канверты, паштоўкі… Яны ў нас розныя па фармаце, з надпісамі і без, з нацыянальнай сімволікай, з усімі — у тым ліку і прафесійнымі — святамі, з вершамі… Толькі за мінулы год — каля 300 сюжэтаў на паштоўках, не гаворачы ўжо пра іншае. І ў кожным — наша праца, наша жаданне зрабіць усё як найлепш. Гэта ж шчасце, калі атрымалася?!

- Будзем спадзявацца, што найлепшым чынам атрымаецца і канверт, які супрацоўнікі цэнтра "Марка" рыхтуюць да 95-годдзя найстарэйшай беларускай газеты "Звязда".

Газета «Звязда» (№3 (19) за 13 сакавіка  2012 года)


Все новости | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати