Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 28.12.11

Газета «Звязда» Валянціна Пух, дырэктар Брэсцкага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белпошта» «Не забудзьцеся пра навагоднюю паштоўку» (№248 за 28 снежня 2011 года)

Наша сённяшняе інтэрв'ю з дырэктарам Брэсцкага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" Валянцінай ПУХ пра вытворчыя клопаты паштавікоў у кантэксце пераднавагодніх агульных клопатаў іх кліентаў.

— Кожны мой рабочы дзень пачынаецца з таго, што спускаюся ў залу паштовага аддзялення, гляджу, чым цікавяцца людзі, што купляюць, якія паслугі заказваюць, — пачала расповед Валянціна Мікалаеўна. — І радуюся, што з сярэдзіны снежня кліенты актыўна бяруць паштоўкі. Прыемна, калі наша айчынная навагодняя паштоўка нічым не саступае замежнай. Наадварот, часта яна нават прыгажэйшая і больш "душэўная" за сваіх канкурэнтак. Бо нашы ўзоры ствараюць нашы мастакі, укладваюць у гэтую справу душу, і вось мы атрымліваем паштовачкі, дзе можна знайсці беларускую прыроду, нашы традыцыйныя абрады і звычаі. Добра, што на паштоўцы з'явілася і родная мова. Мы часам падказваем кліентам: калі вы збіраецеся дасылаць віншаванне за мяжу, бярыце абавязкова сваё — вашы сваякі ці сябры гэта ацэняць, а таксама атрымаюць задавальненне. Тым больш што сёння ёсць вялікі выбар святочных віншаванак: паштоўка з канвертам у адным стылі, паштоўка-сюрпрыз, мініяцюрная паштоўка з прыстасаваннем, якую можна павесіць на ёлку.

Быў час, калі паштоўкі значна страцілі сваю папулярнасць, іх актыўна сталі выцясняць электронныя сродкі сувязі. А цяпер усё ж хочацца думаць, што людзі зноў звяртаюцца да самай душэўнай формы стасункаў — жывога слова, напісанага рукой. Словы, занатаваныя на паперы, можна перачытваць, можна захоўваць пэўны час. Нездарма ж цяпер многія музеі ладзяць выставы старых паштовак як сведчання той эпохі. Няўжо мы пазбавім сваіх нашчадкаў такой магчымасці? Думаю, не варта гэтага рабіць. А трэба пасылаць паштоўкі на свята, казаць добрыя словы людзям, якія таго заслугоўваюць. І, мы, паштавікі, у гэтым рады дапамагчы, мы пастараемся забяспечыць пакупнікоў разнастайнай прадукцыяй.

- Што за мерапрыемства праводзіцца на галоўнай пошце горада? Па дарозе да вас заўважыла надпіс у гандлёва-аперацыйнай зале "Навагодні сюрпрыз".

— Каб заахвоціць нашых кліентаў-пакупнікоў, прыцягнуць іх увагу, прыўзняць настрой, мы прадугледзелі цэлы шэраг прыемных сюрпрызаў. Тым, напрыклад, хто купляе навагодняй прадукцыі на суму не менш за 40 тысяч рублёў, даецца магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе-розыгрышы прызоў. Калі вы купілі прадукцыю на любой пошце або ў паштальёна, які прыходзіць дадому, трэба накіраваць квітанцыі на адрас Брэсцкага філіяла "Белпошты". І пасля Новага года шчасліўчыкі атрымаюць прызы.

- Ці праводзіце вы сёлета яшчэ адну традыцыйную кампанію "Напішы ліст Дзеду Марозу"?

— Абавязкова. Нам проста нельга інакш: у нашай вобласці жыве галоўны беларускі Дзед Мароз. Яму пішуць дзеці з усёй краіны. Пры падтрымцы аддзелаў адукацыі мы вучым сваіх малодшых школьнікаў правільна пісаць ліст, афармляць яго, падпісваць адрас. Удзельнікі гэтай акцыі — дзеці ад шасці да дзесяці гадоў. Яны ўжо ведаюць, што на канверце трэба ўказаць паштовае аддзяленне Камянюкі, каб ліст дайшоў хутчэй. А калі разлічваеш на адказ, неабходна разборліва пісаць зваротны адрас. Акцыі шмат гадоў, і педагогі адзначаюць яе выхаваўчае значэнне. Пісьмы школьнікаў сталі менш, так бы мовіць, "спажывецкія", калі пагалоўна прасілі камп'ютар, мабільны тэлефон, а больш разважлівыя, душэўныя. Цяпер дзеці самі віншуюць казачнага Дзеда, дасылаюць яму пажаданні, а таксама малюнкі. Многія з іх былі ў сядзібе, бачылі тую скарбніцу, у якой захоўваюцца лісты, таму ім бывае цікава даслаць свой. А мы яшчэ і выхоўваем свайго будучага кліента.

- Зараз актыўна ідзе запіс на навагоднія паслугі. Іх цяпер, я так разумею, становіцца ўсё больш…

— Так. Па-ранейшаму запатрабавана віншаванне ад Дзеда Мароза. Яго прынясе паштальён напярэдадні Новага года дзецям, бацькі якіх замовілі паслугу. У паштовы падарунак сёлета ўваходзіць пісьмо-віншаванне, салодкі набор, кніжка-размалёўка, а таксама канверт з адрасам Дзеда Мароза, куды юны чалавек можа пакласці свой ліст.

Ну і самай папулярнай фігурай у гэтыя дні становіцца паштовы Дзед Мароз. Ідэя нарадзілася шмат гадоў таму, і падказалі яе пісьмы да казачнага Дзеда, якія заўсёды пісалі дзеці. Тады мы падумалі: а чаму б таму самому казачнаму герою не ўручыць віншаванне асабіста? Так з'явіўся наш першы Дзед Мароз у асобе супрацоўніка Васіля Козела. Зараз працуе некалькі груп: адна з замоўленым аб'ёмам паслуг ужо не спраўляецца. Але некаторыя пастаянныя кліенты робяць заказ з агаворкай: "Нам, калі ласка, Дзеда Мароза Васю".

Цяпер галоўнага святочнага персанажа замаўляюць не толькі бацькі для дзяцей, але і калектывы на карпаратыўныя вечарынкі, апошнім часам нават сталі паступаць заяўкі з дзіцячых садкоў. Па-першае, дзіцячая ўстанова не можа сабе дазволіць шыкоўныя касцюмы, якія ёсць у нас. А па-другое, цяперашніх дасціпных дзетак цяжка пераканаць у тым, што пераапранутая выхавацелька Марыя Пятроўна сапраўды прыйшла з навагодняга лесу і адтуль прынесла мех падарункаў. А пад Каляды ўсе чакаюць казкі… Для розных груп кліентаў нашы спецыялісты напісалі адмысловыя сцэнарыі: для самых маленькіх дашкольнікаў, для малодшых школьнікаў, крыху старэйшых, для дарослых.

- У сённяшняй сітуацыі гэтая святочная паслуга выглядае не самай таннай, асабліва з пункту гледжання малазабяспечанай сям'і…

— Мы падумалі прыкладна гэтак жа, правільней сказаць, нашы работнікі, бо мы ў сябе праводзілі конкурс навагодніх ідэй. Адна з іх была падтрымана, кліентам прапанавана новая форма — віншаванне Снягуркі, якая перадае падарунак ад імя Дзеда Мароза. Паслуга каштуе ўсяго пяць тысяч рублёў. Думаю, што яна даступная кожнай сям'і і дае магчымасць дакрануцца да казкі. Нават самыя маленькія дзеці здагадваюцца, што пад ёлачку падарунак кладуць ноччу тата і мама. А тут інтрыга пачынаецца тады, калі з паштовай скрыні дастаецца картка з выявай Дзеда Мароза і цікавым тэкстам. Галоўны святочны персанаж паведамляе, што ён заходзіў да хлопчыка альбо дзяўчынкі, але не застаў яго або яе дома, таму запрашае ў пэўны час зайсці ў паштовае аддзяленне і атрымаць падарунак.

На гэты самы прызначаны час збяруцца некалькі дзяцей, і Снягурка з невялічкай праграмай, згодна са сцэнарыем, павіншуе кожнага малога наведвальніка і ўручыць падаруначак, які загадзя прынеслі бацькі, бабулі, дзядулі. Такіх пунктаў выдачы будзе працаваць пяць у Брэсце і ў кожным райцэнтры. Ну а ў наступным
годзе, можа, перанясём віншаванне Снягуркі і ў аграгарадкі.

- Адным з самых характэрных пераднавагодніх клопатаў з'яўляецца падпіска. У гэтай кампаніі, наколькі мне вядома, вы таксама выкарыстоўваеце перадсвяточныя нечаканасці…

— Мы падрыхтавалі прыемны сюрпрыз усім кліентам пошты з тым, каб папоўніць шэрагі падпісчыкаў. Распрацаваны правілы ўдзелу ў ёй. Скажам, хто зрабіў у нас плацяжы на суму не менш за 400 тысяч, яшчэ адправіў пасылку, набыў нейкай прадукцыі, атрымлівае ў падарунак падпіску. У пераліку недзе каля 20 найменняў дзіцячай, жаночай, кулінарнай, іншай тэматыкі. Спадзяёмся, што новы чытач прывыкне да падараванага выдання за паўгода і захоча застацца нашым падпісчыкам.

Газета «Звязда» (№248 за 28 снежня  2011 года)

Все новости | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати