Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 23.11.11

Газета «Звязда» Алена Трубач, начальнік вытворчасці «Мінская пошта»: «Аднаго візіту на пошту цяпер дастаткова, каб зрабіць многае» (№223 за 23 ноября 2011 года)

Замест візітоўкі

Вытворчасць "Мінская пошта" — структурнае падраздзяленне РУП "Белпошта". Выконвае функцыі міжнароднага абмену, з'яўляецца цэнтрам апрацоўкі і перавозкі пошты і экспедзіравання друкаванай прадукцыі, ажыццяўляе паслугі праз 110 аддзяленняў і 14 пунктаў паштовай сувязі, праз цэх па аказанні паслуг (ён жа больш вядомы ў краіне як паштамт), дзе ў дні найбольшай нагрузкі абслугоўваецца каля пяці тысяч кліентаў.

- Алена Уладзіміраўна, сталічнаму паштамту больш за 50 гадоў. На галоўным праспекце Мінска, праспекце Незалежнасці, гэта адзін з першых будынкаў, які ва ўсе часы быў любімым месцам спатканняў. Так што чытачам "Звязды" не цяжка ўявіць прыгожую круглую залу, шматлікія акенцы… А вось 5 тысяч кліентаў на працягу дня…

— Апошнім часам гэта рэальна… Дзякуючы тэхнічнаму ўзбраенню нашых аператараў. У Мінску ў іх распараджэнні спецыяльныя камп'ютарныя сістэмы, капіравальныя і факсімільныя апараты, персанальныя камп'ютары…

Акрамя таго, нашы кліенты ўжо прывыклі, што ў аддзяленнях сувязі можна атрымліваць не толькі ўвесь спектр традыцыйных, паштовых паслуг, але шмат няпрофільных: разлічвацца з аператарамі сотавай сувязі, папаўняць электронныя кашалькі, плаціць па крэдытах банкаў, па абавязковым страхаванні аўтатранспарту, ксеракапіраваць дакументы, купляць свежую прэсу і іншыя тавары… Мы ж абслугоўваем трымальнікаў банкаўскіх пластыкавых картак MаstеrСаrd, Mаеstrо, БелКарт, Vіsа. і што, вядома ж, зручна для кліентаў па прынцыпе "аднаго акна". Гэта значыць, што ў любым аддзяленні паштовай сувязі, у адным аперацыйным акне, у аднаго аператара можна разлічыцца за ўсё: за камунальныя паслугі, за хатні і мабільны тэлефоны, за карыстанне кабельным тэлебачаннем, атрымаць пенсію, адправіць пісьмо і грашовы перавод, аформіць падпіску…

Прычым у паштовай службе нашай краіны працуе сервер аплаты паслуг, які дазваляе жыхарам ажыццяўляць розныя плацяжы з любога населенага пункта…

- Іншымі словамі дзеці, жывучы, напрыклад, у Мінску, могуць аплачваць камунальныя паслугі за бацькоў, якія засталіся ў Асіповічах? Ці бабуля з вёскі можа на сваёй пошце пакласці колькі тысяч на мабільнік студэнта-ўнука?

— Сапраўды, аднаго візіту на пошту цяпер дастаткова, каб зрабіць многае. Прычым не толькі для сябе… У прыватнасці, за ўсё і за ўсіх, незалежна ад таго, хто дзе жыве (у межах краіны), можна ўнесці плацяжы… І тым самым некаму зэканоміць час, а то і дапамагчы — у тым ліку матэрыяльна… Нашы кліенты ў гэтым пераканаліся… Як і ў тым, што сённяшнія тэхналогіі дазваляюць прасачыць увесь шлях зарэгістраваных паштовых адпраўленняў. Гэта значыць, што пакінуўшы на пошце зарэгістраваную каштоўную пасылку, кліент з дапамогай свайго хатняга камп'ютара можа ведаць, дзе яна знаходзіцца — аж да моманту яе ўручэння.

- Алена Уладзіміраўна, развіццё інфармацыйных тэхналогій — працэс сапраўды вельмі хуткі і адкрывае ўсё новыя магчымасці. Пошта бярэ іх на ўзбраенне. Гэта бясспрэчна. Як быццам, няма ў чым папракнуць і вашых аператараў: працуюць умела, старанна, да таго ж, на радасць кліентам, у аддзяленнях паштовай сувязі Мінска няма агульных перапынкаў на абед. А вось у чэргах пастаяць часам даводзіцца.

— На жаль, гэта так. Пакуль…

Што мы робім, каб гэтай з'явы пазбавіцца? Па-першае, устанаўліваем плацежна-даведачныя тэрміналы (ПДТ). Яны функцыянуюць як дадатковыя працоўныя месцы, і з іх дапамогай уладальнікі банкаўскіх пластыкавых картак Mаеstrо, MаstеrСаrd, Vіsа, БелКарт, праз сістэму "Сервер аплаты паслуг" могуць ажыццявіць любы плацеж (за хатні тэлефон, за інтэрнэт, у лік пагашэння крэдытаў, за падпіску…) — па прынцыпе адзінага асабовага рахунку і ў рэжыме оn-lіnе.

Далей. Для таго, каб максімальна наблізіць нашы паслугі да кліентаў, для таго, каб стварыць для іх больш камфорту, на базе аддзяленняў паштовай сувязі 2, 7, 136 створана сэрвіс-пошта. Яна прапаноўвае ўвесь спектр і паштовых, і няпрофільных паслуг па прынцыпе самаабслугоўвання. Гэта значыць, што кліент, у тым ліку, мае магчымасць разгледзець усё, што яму прапануецца, выбраць, купіць. Прычым не толькі маркі ды адкрыткі — у гэтых аддзяленнях паштовай сувязі прадстаўлены шырокі выбар сувенірнай прадукцыі, тавараў спажывецкага попыту, арыентаваных у тым ліку на гасцей беларускай сталіцы.

Укараняем мы і аўтаматызаваную сістэму, якая дазваляе кіраваць патокамі кліентаў.

- Гэта, зноў жа, адносна новая форма абслугоўвання, пра якую варта расказаць падрабязней?

— Калі ласка. Вы, напрыклад, маеце намер адправіць грашовы перавод і падпісацца на "Звязду", для чаго накіроўваецеся ў аддзяленне паштовай сувязі-141 (вул. Русіянава, 9) альбо на паштамт (пр. Незалежнасці, 10)…

Дык вось ні там, ні там цяпер не трэба лічыць, ля якога акенца колькі людзей, цікавіцца, хто апошні. На ўваходзе ў залы размешчаны тэрміналы сістэмы кіравання чаргой, і вам для таго, каб "заняць" яе, дастаткова лёгка націснуць на экран патрэбных вам паслуг — атрымаць квіток.

З ім вы можаце спакойна пахадзіць па кліенцкай зале (там, дарэчы, ужо працуе кірмаш навагодніх паштовак), паглядзець, што колькі каштуе, альбо проста пасядзець за столікам — як правіла, лічаныя хвіліны… Праз якія, з дапамогай гучнай сувязі альбо электроннага табло, вас запросяць да патрэбнага акенца.

Што, вядома ж, важна, каля яго вы будзеце адзіным кліентам — сам-насам з аператарам… Ніхто не стане ў вас наперадзе, ніхто не будзе, што называецца, дыхаць у спіну ды міжволі бачыць, куды і каму вы адпраўляеце свой грашовы перавод, якую выпісваеце газету.

Такім чынам, сістэма "электронная чарга" гарантуе кліентам не толькі аператыўнае і прафесійнае абслугоўванне, але і больш цывілізаванае — індывідуальнае, строга канфідэнцыйнае.

- Яшчэ большую індывідуальнасць і канфідэнцыйнасць (а таксама скарачэнне чэргаў) забяспечвае запрашэнне паштальёна дадому?

— Так. Нашы кліенты маюць магчымасць атрымліваць паслугі, што называецца, з "дастаўкай". Для гэтага дастаткова звычайнага тэлефанавання ў сваё аддзяленне паштовай сувязі…

А потым у паштальёна можна будзе выбраць і набыць канверты, віншавальныя паштоўкі, ён жа забярэ для адпраўкі карэспандэнцыю, аформіць падпіску на СМІ.

- У "рамках барацьбы" з чэргамі ёсць яшчэ інтэрнэт-падпіска?

— Так, РУП "Белпошта" пастаянна ўкараняе паслугі, заснаваныя на найноўшых інфармацыйных тэхналогіях. З добра вядомых — гэта электронная пошта, электронны грашовы перавод, інтэрнэт-гандаль па каталогах, падключэнне абанентаў да сетак аператараў мабільнай сувязі. З адносна новых — "Электронная марка". Яна ўяўляе сабой спецыяльны двухмерны штрыхкод (квадракод), які распазнаецца сканерамі і ўтрымлівае ўсю інфармацыю пра паштовае адпраўленне. Таму і фізічныя, і юрыдычныя асобы пры жаданні могуць адмовіцца цяпер ад звычайных, прывычных паштовых марак.

Электронныя — набываюцца дыстанцыйна праз інтэрнэт (афіцыйны сайт РУП "Белпошта" www.bеlроst.bу), раздрукоўваюцца на паштовых адпраўленнях пры дапамозе стандартных праграмных сродкаў непасрэдна ў офісе кліента або (пры наяўнасці друкавальнага ўстройства) на дамашніх камп'ютарах і пацвярджаюць аплату паслуг.

- Такім чынам, інтэрнэт-сайт РУП "Белпошта" ўсё больш нагадвае своеасаблівае, віртуальнае, але ж аддзяленне паштовай сувязі?

— Гэта сапраўды так, хаця б таму, што праз яго цяпер можна зрабіць любы плацеж па прынцыпе адзінага асабовага рахунку, падпісацца на перыядычныя выданні, заказаць тавар па каталогу тавараў беларускіх вытворцаў, у інтэрнэт-краме можна набываць маркі, канверты, паштоўкі.

- Але ж для многіх, Алена Уладзіміраўна, больш прывычна пакуль напярэдадні свят (а тым больш Калядных) зайсці на сваю, звычайную, а не віртуальную пошту?

— У Мінску адлегласці паміж аддзяленнямі паштовай сувязі зусім невялікія, так што можна завітаць не толькі на сваю, але і на суседнюю (каб не казаць чужую)… Справа ў тым, што ў кліенцкіх залах многіх аддзяленняў сувязі (і само сабой на паштамце!) у перадсвяточныя дні (Каляды, Дзень святога Валянціна, 23 лютага, 8 Сакавіка) мы наладжваем кірмашы-продажы, дзе выстаўляецца максімальны асартымент маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі. Працуюць яны па прынцыпе самаабслугоўвання. Гэта значыць, што кліент для кожнага са сваіх блізкіх можна выбраць адмысловую паштовачку, разгледзець, прыцаніцца… Што, згадзіцеся, вельмі зручна!

Навагоднія кірмашы ўжо працуюць. Так што сардэчна запрашаю! У тым ліку — юрыдычных асоб, якія набываюць шмат віншавальных камплектаў.

- Да гэтых кліентаў у пошты свой падыход?

— І ён цалкам апраўданы. Уявіце: вырашылі вы, умоўна, заплаціць за тэлефон. Перад вамі ў чарзе толькі адзін чалавек, што, здавалася б, добра… Але ж ён адпраўляе карпаратыўную пошту. А гэта, здараецца, дзясяткі розных канвертаў… Значыць, вам давядзецца марнаваць свой час, нервавацца…

Што, вядома ж, непрыемна ні вам, ні нам. Таму ў Мінску арганізаваны ўчастак па прыёме, апрацоўцы і дастаўцы карпаратыўнай пошты, у 20-ці аддзяленнях паштовай сувязі (2, 6, 7, 12, 29, 36, 41, 51, 53, 60, 71, 88, 92, 102, 107, 112, 118, 120, 123, 125) і круглай зале паштамта выдзелены асобныя працоўныя месцы. Гэта вельмі зручна, хоць бы таму, што дазваляе разлічваць на непасрэдны кантакт, на індывідуальны падыход.

Акрамя таго, юрыдычныя асобы могуць заключаць дамовы на прыём і дастаўку карэспандэнцыі непасрэдна ў офісе. У тым ліку і ўнутранай паскоранай поштай (ЕMS).

- Што дазваляе эканоміць час?

— Сапраўды: адпраўленні ЕMS маюць перавагу перад астатнімі: гэта значыць, на ўсіх этапах праходжання яны апрацоўваюцца ў першую чаргу і затым неадкладна дастаўляюцца або перасылаюцца далей па прызначэнні найбольш хуткім спосабам.

Для аказання гэтай паслугі функцыянуе транспартна-лагістычная схема, якая ахоплівае больш за 23 470 гарадоў і сельскіх населеных пунктаў.

У выніку ў межах Рэспублікі Беларусь адпраўленні (тарыфы на іх цалкам прымальныя) будуць дастаўлены у тэрмін, які выбраў адпраўшчык: у дзень прыёму, да 10 гадзін наступнага працоўнага дня, на працягу таго дня альбо ў канкрэтную гадзіну, што важна, напрыклад, пры ўручэнні віншаванняў, падарункаў.

Ёсць яшчэ адзін плюс, апроч эканоміі часу: увесь шлях праходжання адпраўленняў ЕMS можна прасачыць, што называецца, "ад дзвярэй да дзвярэй". А здаць іх можа як у аддзяленнях і пунктах паштовай сувязі, так і непасрэдна ў офісе Службы цэнтралізаванага абслугоўвання (тэл. у Мінску 8-017 222 72 18, 222 71 52).

- Сярод адпраўленняў — а тым больш напярэдадні Каляд, Новага года — напэўна, шмат падарункаў… Аднак зазвычай пошта не толькі даносіць ды ўручае іх. Пошта — заўсёды робіць…

— У 1 квартале 2012-га мы плануем адкрыццё аддзяленняў пошты на вул. Напалеона Орды, 23 (мікрараён Брылевічы) і на вул. Янкі Брыля, 30 (мікрараён Міхалова). Гэта дазволіць нам "разгрузіць" суседнія з імі 25-е, 89-е і 116-е аддзяленні сувязі і тым самым палепшыць якасць абслугоўвання.

А наогул у Мінску працуе даведачна-інфармацыйная група, і цяпер па тэлефоне 154 можна атрымаць дакладную інфармацыю пра ўсе віды паслуг, якія аказваюцца аддзяленнямі паштовай сувязі, пра ўсе дзейныя тарыфы, кошты і індэксы выданняў пры падпісцы. Па гэтым жа нумары можна атрымаць патрэбныя адрасы і кантактныя тэлефоны.

- Алена Уладзіміраўна, каб аблегчыць працу вашых даведак, давайце апярэдзім пытанні чытачоў і скажам: пошта гатова данесці ва ўсе канцы свету нашы віншаванні з Калядамі і Новым годам, нашы бандэролі і пасылкі, пераводы; у аддзяленнях сувязі па-ранейшаму можна будзе замовіць падарункі ад Дзядулі Мароза?..

— Усё так!.. Адзінае (што ў нашых агульных інтарэсах) хацела б папрасіць, па магчымасці, не адкладваць гэта на апошнія дні года.

Газета «Звязда» (№223 за 23 лістапада  2011 года)


Все новости | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати