Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 25.07.11

Газета «Звязда» Анжаліка Дробава, старшыня аб«яднанай арганізацыі прафсаюза РУП «Белпошта»: «Чалавек, які працуе на прадпрыемстве, проста павінен адчуваць, што ён абаронены» (№138 за 23 июля 2011 года)

Аб'яднаная арганізацыя прафсаюза Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта" — адна з найбуйнейшых, прычым не толькі ў сталіцы: больш за 30 тысяч працуючых членаў прафсаюза… Пра тое, чым і як яны жывуць, размова са старшынёй Анжалікай Дробавай.

 - Анжаліка Яўгенаўна, найпершая мэта прафсаюзаў сфармулявана проста — сацыяльная абарона людзей. Між тым паняцце гэта вельмі ёмістае. Тут заробкі, ахова і ўмовы працы, магчымасці адпачынку, жыллё і шмат чаго іншага…

— Так. Наша прадпрыемства — чым не падстава для гонару — ніколі за ўсе амаль 16 гадоў свайго існавання не дапускала нейкіх затрымак у выплаце заробкаў, заўсёды клапацілася пра паляпшэнне ўмоў працы, рост прафесійнага майстэрства, пра тое, каб самі работнікі, іх дзеці маглі добра адпачываць, развіваць свае таленты. Усё гэта вельмі важна, бо калектыў у нас пераважна жаночы. Самыя масавыя прафесіі — паштальёны, аператары сувязі. Работа досыць складаная, адказная, аднак тыя, што прыходзяць да нас працаваць, як правіла, застаюцца. І застаюцца на дзесяцігоддзі. Значыць, многае нам удаецца.

- Час такі: усе цяпер мяркуюць, што выгадна, што не выгадна, лічаць грошы. На вашым прадпрыемстве па-ранейшаму вызначаюцца лепшыя раённыя вузлы паштовай сувязі, праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, спартакіяды, агляды мастацкай самадзейнасці… Гэта выгадна?

— Без сумневу. Наш Кузьма Чорны пісаў, што ўсялякая добра зробленая праца павінна быць заўважана, павінна быць адзначана. Словы застаюцца актуальнымі. Прызнанне поспехаў надае новых сіл, падтрымлівае здаровую канкурэнцыю. Летась сярод абласных філіялаў лепшым прызнаны Магілёўскі на чале з Аленай Леанідаўнай Котавай. Штогод мы вызначаем і лепшых з лепшых па асноўных прафесіях — ладзім конкурсы прафесійнага майстэрства сярод аператараў сувязі і паштальёнаў, начальнікаў аддзяленняў паштовай сувязі, што, безумоўна ж, дапамагае людзям сцвердзіцца, павышае прэстыж прафесій і ўрэшце — якасць абслугоўвання нашых кліентаў.

Тая ж мэта і ў спартакіяд — падтрымліваць добрую фізічную форму, добрае здароўе. На прадпрыемстве працуюць спартыўныя секцыі, праводзяцца спаборніцтвы па валейболе, футболе, настольным тэнісе, плаванні, лыжных гонках… Усіх ахвотных стараемся забяспечыць абанементамі ў басейны, пастаянна абнаўляем спартыўны інвентар, касцюмы… У нашай зімовай спартакіядзе брала ўдзел каля 70 чалавек, у летняй — каля 300.

Да паслуг нашых работнікаў і іх сем'яў тры базы адпачынку: "Бярозавы гай", "Парэчча" і "Дружба". Усе яны размешчаны ў маляўнічых кутках Беларусі, усе адрамантаваны, абсталяваны… Зімой вялікага наплыву ў іх, праўда, няма, а вось летам — поўная загрузка! Тая ж самая "Дружба", напрыклад, адначасова прымае 100 чалавек. Забяспечвае камфортнымі нумарамі… Ладзяцца забаўляльныя праграмы, вечары адпачынку …

Штогод купляем пуцёўкі ў санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Забяспечваюцца гэтымі пуцёўкамі дзеці ўсіх ахвотных — 100 працэнтаў.

- Свежыя, відаць, уражанні і ад агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці?

— Так. Два першыя яго этапы (спачатку ў раённых вузлах паштовай сувязі, потым у філіялах) прайшлі летась, а вось трэці, завяршальны, адбыўся вясной. Удзел у ім брала каля 160 чалавек. Было надзвычай прыемна, што людзі ў нас не толькі выдатныя спецыялісты, — сярод іх проста мора талентаў! І гэта не толькі маё меркаванне: у журы конкурсу мы запрашалі "незалежных экспертаў" — дырыжора аркестра "Няміга", заслужанага артыста рэспублікі А. У. Фёдарава, прафесара кафедры рэжысуры і абрадавых святаў універсітэта культуры А. М.  Аляхновіча, загадчыка кафедры духоўнай музыкі з гэтага ж універсітэта
В. М.  Валатковіча. Яны таксама былі ў захапленні: глядзяць на сцэну, слухаюць і час ад часу пытаюцца: "Кім гэты чалавек працуе? А гэты кім?". Вушам не верылі, калі мы казалі, што паштальёнам, вадзіцелем, цесляром…

Выступалі фальклорныя калектывы, гучала інструментальная музыка, спевы (сола, дуэты, квартэты, вакальныя ансамблі). Конкурс выявіў цудоўных танцораў (быў нават танец жывата), чытальнікаў, артыстаў…

Так што судзіць, вызначаць пераможцаў было вельмі цяжка. Але ж агульнымі намаганнямі… Сярод камандаў на першае месца выйшла вытворчасць "Мінская пошта", на другое — Мінскі філіял, на трэцім з аднолькавай колькасцю балаў Магілёўскі і Гомельскі. Сярод фальклорных калектываў найлепшымі былі прызнаны ансамбль "Жывіца" (вытворчасць "Мінская пошта"), сярод танцораў — аператары паштовай сувязі Таццяна Піліпенка і Лілія Ліхачова (Магілёўскі філіял), сярод музыкаў — Ульяна Каваленка, бухгалтар (вытворчасць "Мінская пошта"), сярод чытальнікаў — Галіна Сцепанчук, сартавальшчыца…

Я сумысля называю прафесіі. Гэта — каб яшчэ раз падкрэсліць, што работнікі нашага прадпрыемства жывуць не толькі працай ды хатнімі клопатамі, што яны захоплены музыкай, спевамі, танцамі.

- Анжаліка Яўгенаўна, наколькі ведаю, вы таксама можаце ўзяць гітару, заспяваць, прычытаць на памяць нешта з Ахматавай, Цвятаевай. Не рызыкнулі?

— Не. Мая справа, прынамсі цяпер, усё арганізаваць, прадугледзіць, забяспечыць, заўважыць… Нікога не пакрыўдзіць, не пакінуць без падарунка. Таму да асноўных дыпломаў ды прызоў дадаліся спецыяльныя — "За патрыятызм", "За артыстычнасць", "За непаўторнасць", "За лепшы касцюм", "За арыгінальнасць"…

А вось удзел у спартакіядах раней прымала, і тры гады запар нават займала першыя месцы па настольным тэнісе. Цяпер ужо не выступаю, бо трэба займацца арганізацыяй. Аднак аналагічныя спартакіяды праводзіць адміністрацыя Ленінскага выканкама. І там — да гонару — каманда "Белпошты" заўсёды наймацнейшая!

- Ветэраны, вядома ж, таксама клопат прафсаюзаў?

— Безумоўна. Мы думаем не толькі пра тых, хто працуе. Да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці заўсёды вітаем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, запрашаем на нашы святы, уручаем кветкі, падарункі, стараемся па магчымасці аказаць матэрыяльную дапамогу. Тых, хто пайшоў на заслужаны адпачынак, пастаянна віншуем з днём пажылых людзей, да ўсіх святаў пасылаем віншавальныя паштоўкі. Дарэчы, кантроль за гэтым самы што ні ёсць строгі, бо мая мама таксама паштавічка, 40 гадоў працавала на вытворчасці "Мінская пошта". І цяпер, калі свята ўжо блізка, а віншаванне позніцца, яна заўсёды тэлефануе, кажа: "Дачушка, нешта ж няма паштовачкі. Ты там правер. Можа, забыліся?". Ну хіба ж пад такім "наглядам" нешта забудзешся?!

Сёлета вось паспрабуем яшчэ адзін конкурс правесці — "Не старэюць душой ветэраны". Бо гэта ж і сапраўды так!

- Анжаліка Яўгенаўна, на змену ім, ветэранам, прыходзяць выпускнікі вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі і каледжа сферы бытавога абслугоўвання?

— Так, і з гэтымі ўстановамі ў нас вельмі даўнія добрыя партнёрскія адносіны. Мы прымаем навучэнцаў на практыку, на працу. Але ж, па сабе ведаю, шлях на пошту ў вельмі многіх нашых працаўнікоў пачынаецца куды раней. Нашы прафсаюзныя арганізацыі праводзяць конкурсы-агляды дзіцячых малюнкаў, экскурсіі, на якія можна ехаць усёй сям'ёй — у рэзідэнцыю Дзеда Мароза, у Белавежскую пушчу, Дудуткі, Раўбічы, Лагойск, Жыровіцкі манастыр, у заапаркі… У інтэрнатах, дзе жывуць нашы паштавікі, працуюць спартыўныя секцыі і гурткі па макрамэ і аплікацыі, па вязанні. Праводзяцца выставы лепшых работ. Ёсць клубы, дзе праводзяцца розныя мерапрыемствы… Іншымі словамі, мы зацікаўлены ў тым, каб на пошту прыходзілі дзеці нашых працаўнікоў, іх унукі. Мы — за вернасць прафесіі, за працоўныя дынастыі.

- Вы, падобна, і ў гэтым падаяце асабісты прыклад, навучаючы (завочна) свайго сына ў вышэйшым каледжы сувязі?

— Можна сказаць і так. Сувязь — гэта ў нас сямейнае, бо ў ёй працуюць муж і сын. Але гэта было яго асабістае рашэнне. У выхаванні, я лічу, ці не галоўнае правіла "не душыць", не апекаваць. Ён змалку ў нас ведае, што толькі тое галоўнае, чаго даможашся сам.

- Тады скажыце, чаго можна дамагчыся маладому спецыялісту, які прыйдзе працаваць на "Белпошту"?

— Найперш разам з дыпломам ён атрымае досыць складаную, але цікавую прафесію, працу. А з ёй вельмі шмат магчымасцяў — прафесійнага і кар'ернага росту, вучобы, зносін з людзьмі, падтрымкі сваіх захапленняў, талентаў… Атрымае (па сабе ведаю, бо на "Белпошце" працую амаль 16 гадоў) яснае адчуванне, што ён абаронены, бо сацыяльная падтрымка, у нас не на словах, а на справе. Пастаянна працуе камісія па кантролі за выкананнем Калектыўнага дагавора, людзі нам тэлефануюць, прыходзяць, выказваюць свае прапановы, парады, просяць вырашыць нейкія пытанні… Раз у месяц у непрацоўны час ладзіцца прыём па асабістых пытаннях, раз у квартал выязджаем на месцы — у філіялы. Ніколі і нікому мы не адмаўляем у дапамозе. Напрыклад, у Магілёве на прыём прыйшла адна з нашых працаўніц. Кажа, што яна вельмі цяжка пераносіць пераходы на летні, зімовы час. Кажа: "Як бы вы пасадзейнічалі, каб не было гэтай тузаніны?"… Як ні дзіўна, нават яе пытанне пашчасціла вырашыць.

Але ж гэта жартам, а калі ўсур'ёз… Людзі звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі, зрэдку, здараецца, з крыўдамі, з просьбамі аб матэрыяльнай падтрымцы, са скаргамі…

Дапамагчы ім можна знайсці заўсёды. Было б толькі жаданне і разуменне. "Белпошце" заўсёды шчасціла на генеральных дырэктараў — Георгій Яўгенавіч Ігнатовіч, Аляксандр Міхайлавіч Худалей, Аляксандра Іванаўна Чарняк, Юрый Аляксандравіч Комар… Яны заўсёды бачылі людзей. Пры такім падыходзе старшыні прафсаюзнай арганізацыі працаваць зусім не цяжка. Да таго ж ёсць да каго звярнуцца па дапамогу — да кіраўніцтва галіновага прафсаюза, да гарадскога, ёсць жаданне ва ўсіх вучыцца і працаваць, адстойваць інтарэсы людзей.

- Ад "Звязды" — шчырыя пажаданні поспехаў!

— Дзякуй!

Газета «Звязда» (№138 за 23  лiпеня  2011 года)



Все новости | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати