Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 21.09.10

Газета «Звязда» З любоўю да абранай справы (№184 за 21 сентября 2010 года)

Ведай нашых!

 Як ужо паведамлялася ("Звязда" 18.09.10), з 15 па 17 верасня на базе адпачынку "Дружба" адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства начальнікаў гарадскіх і сельскіх аддзяленняў сувязі, які, несумненна, запомніўся многім. Некаму — бліскучай перамогай, некаму — крыўдным паражэннем. Журы (як прызналася яго старшыня Ірына Ігнацьеўна Саксонава) …шокам, які давялося перажыць, калі падлічвалі сумы балаў, набраныя кожным з канкурсантаў і кожнай з камандаў.

Зрэшты, калі па парадку, то гэты, чатырнаццаты конкурс, без перабольшання, майстроў сваёй справы, пачаўся, як і папярэднія — з вітальных слоў (у тым ліку генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Юрыя Аляксандравіча Комара), з прадстаўлення камандаў. Усе яны былі з выдумкай, з вершамі, з танцамі, да таго ж адно (што варта падкрэсліць) — каманды сталіцы — гучала па-беларуску.

Досыць складаным сёлета ўяўлялася хатняе заданне: паштавікі кожнай з абласцей і горада Мінска павінны былі расказаць пра год якасці на сваім прадпрыемстве. Згадзіцеся, было ад чаго разгубіцца і дзе разгарнуцца, паказаць свае высокія прафесійныя і тэхнічныя магчымасці, акцёрскія здольнасці, гумар…

Карацей — цяжка давялося журы, якому трэба было не проста ўсё гэта бачыць, а яшчэ і ацэньваць, вызначаць, якая з камандаў лепшая: мацнейшымі выглядалі ўсе.

З "экзаменамі" па тэорыі, з выкананнем практычных заданняў было, відавочна, прасцей, бо бліскучыя веды можна адрозніць ад проста выдатных, як і ўзорную працу ад бездакорнай.

— Конкурсы прафесійнага майстэрства на нашым прадпрыемстве ладзяцца штогод, — патлумачыла потым старшыня журы, намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Ірына Ігнацьеўна Саксонава. — Але падводзячы вынікі сёлетняга, чатырнаццатага, мы ўпершыню сутыкнуліся з тым, што амаль усе ўзнагароды давядзецца аддаць камандзе аднаго, Гомельскага філіяла. Алена Анішчанка, начальнік аддзялення паштовай сувязі (АПС) Чырвоны Бераг-1, што на Жлобіншчыне, стала лепшым і тэарэтыкам, і практыкам. У выніку за ёй першае месца сярод начальнікаў сельскіх (АПС). Другое і трэцяе месца ў яе сябровак па камандзе Марыны Шыдлоўскай з АПС Ціхінічы, што на Рагачоўшчыне, і Алы Пырх з АПС Левашы Рэчыцкага раённага вузла паштовай сувязі. З гэтай жа каманды і Марына Шарай — начальнік АПС-5 г. Калінкавічы, якая паказала бліскучае веданне тэорыі і заняла другое месца сярод начальнікаў гарадскіх паштовых аддзяленняў. Згадзіцеся: журы было ад чаго разгубіцца?!

І не толькі ў гэтым выпадку. У лідары сярод каманд, безумоўна, выйшлі паштавікі Гомельшчыны. Але, скажам так, не… адны. На гэты раз вельмі добра паказала сябе каманда вытворчасці "Мінская пошта". Таму першынство рашылі падзяліць.

Рашыць — лягчэй, а як узнагароджваць, калі кубак прызавы толькі адзін?

Пасля таго як ён быў уручаны капітану каманды гамяльчан (мінчанам паабяцалі аддаць на святочнай вечарыне ў гонар Сусветнага дня пошты), не маглі не спытаць у капітана каманды, намесніка дырэктара Гомельскага філіяла РУП "Белпошта" Марыны Перагуды, як жа ім так пашанцавала?

— Не, не пашанцавала… Гэта іншае, — сказала Марына Антонаўна. — У нас ніколі не было такой моцнай каманды, як сёлета. І вынік — зусім не штудзіраванне, не падрыхтоўка цягам нейкага там апошняга тыдня ці месяца. Гэта — штодзённая праца нашых дзяўчат.

Адна з іх — самая, можна сказаць, тытулаваная — Алена Анішчанка, начальнік аддзялення сувязі Чырвоны Бераг-1. У прафесіі 14 гадоў. Закончыла вучылішча сувязі ў Гомелі, завочна — Віцебскі каледж, працавала паштальёнам, потым аператарам, цяпер — начальнікам.

— Калектыў у нас вельмі добры, малады: чатыры паштальёны, адзін аператар. А я, дарэчы, ужо трэці раз прымаю ўдзел у рэспубліканскім конкурсе… Аднак перамога ўсё роўна была нечаканай!

— Столькі адрэналіну за гэтыя тры дні, столькі эмоцый — не перадаць! — гаварыла і яе паплечніца па п'едэстале — начальнік АПС 74 Мінска Таццяна Сухадольская (першае месца сярод начальнікаў гарадскіх аддзяленняў сувязі)… Я вельмі люблю сваю працу!.. Што ў ёй самае цікавае? Стасункі з людзьмі. Вельмі люблю назіраць за імі, адкрываць нешта новае. Сядзець у кабінеце з паперкамі — гэта не маё. Я пастаянна ў зале — з людзьмі.

І ў адной, і ў другой пераможцы — добрыя сем'і, вырашаныя праблемы з жыллём, таму новыя халадзільнікі ў якасці прызоў вядома ж не пашкодзяць.

Што да іншых узнагародаў, то імі адзначаны вельмі многія: Вольга Шавярэнка (вытворчасць "Мінская пошта"), як лепшы майстар-практык сярод начальнікаў гарадскіх АПС; Тэрэса Васільчык, начальнік АПС Гудагай Астравецкага РВПС за вернасць прафесіі (26 гадоў як ніяк!); Галіна Марчанка — лепшы майстар-практык, намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла; Святлана Карнілава і Тамара Цвілевіч — лепшыя паштаведы, начальнікі аддзелаў эксплуатацыі і бяспекі паштовай сувязі адпаведна Мінскага і Віцебскага філіялаў, каманды Мінскага і Гродзенскага філіялаў за творчы, крэатыўны падыход пры падрыхтоўцы хатняга задання, Мінскі — за лепшы дызайн фірменнага касцюма (і ён жа — за перамогу ў конкурсе "Паштовая эстафета")… Лепшым знаўцам прафсаюзнага руху прызнана Святлана Раманоўская, старшыня пярвічнай арганізацыі прафсаюза вытворчасці "Мінская пошта" і галаўнога прадпрыемства РУП "Белпошта"…

Граматамі за волю да перамогі ўзнагароджаная каманда Брэсцкага філіяла (другое месца). На трэцім — Магілёўскі філіял.

Кожны ўдзельнік конкурсу атрымаў да таго ж кветкі і памятныя падарункі ад аб'яднага прафкама прадпрыемства — за ўдзел, за любоў да абранай прафесіі.

Уручыла свае сціплыя прызы і газета "Звязда": прас адзінаму сярод канкурсантаў мужчыну Аляксандру Траццяку (начальнік АПС — 9 г. Слонім), фірменныя чырвоныя кепачкі — сваёй падпісчыцы Таццяне Сухадольскай, Ліліі Матвіец і Вользе Шавярэнцы (вытворчасць "Мінская пошта") за беларускамоўную візітоўку, фірменныя майкі камандзе Віцебскага і Гродзенскага філіялаў, якія на гэты раз, на жаль, у пераможцы не выйшлі… А яшчэ — нашы звяздоўскія календары (у тым ліку на 2011 год) з просьбай перадаць іх усім, хто выпісвае "Звязду" на іх поштах. Разам з нашай удзячнасцю.

— На такіх вось конкурсах, — прызнала старшыня журы Ірына Саксонава, — як нідзе, відавочны рост прафесіяналізму нашых кадраў. Начальнікі аддзяленняў паштовай сувязі, паштальёны, аператары паказваюць усё лепшыя вынікі. І гэта сведчанне таго, што пошта развіваецца, што ў нас ёсць рэзервы. Бо, нягледзячы на значнае развіццё інфармацыйных тэхналогій, рашаючым звяном былі і застаюцца людзі, якія непасрэдна кантактуюць з кліентамі, павышаюць імідж прадпрыемства сваімі ведамі, майстэрствам, узроўнем адукацыі.

Яна, гэта адукацыя, яшчэ пару гадоў таму была, як правіла, сярэдняй альбо прафесійна-тэхнічнай. Цяпер — пераважна сярэдняй спецыяльнай, а то і вышэйшай. Што заканамерна на прадпрыемстве, якое аказвае сваім кліентам каля 50 відаў паслуг…

Дарэчы, у адным з хатніх заданняў быў цікавы рэкламны "ролік". Хлопчык (відаць, вялікі аматар камп'ютарных гульняў) тэлефануе дзяўчынцы. Кажа, прыходзь — пагуляем. Перашкаджаць, маўляў, ніхто не будзе — бабуля на пошту пайшла. Пакуль там пенсію атрымае, нешта купіць, падпіску аформіць… Гэта надоўга.

— Дзіўна, — адказала дзяўчынка, — мая бабуля ўсё гэта робіць не выходзячы з хаты. Паштальён да яе сам прыязджае.

На што хлопчык зазначыў:

— Добра, што мая бабуля пра гэта не ведае.

То на ўсялякі выпадак паведамляем.


Мо таму і ацэньваюцца ім не менш, чым на выдатна?!

Газета «Звязда» (№184 за 21 сентября 2010 года)

Все новости | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати